СЯРЭ́ДНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

узровень адукацыі, які забяспечвае свядомы, актыўны ўдзел чалавека ў жыцці грамадства, садзейнічае яго самаст. прафес. дзейнасці і дае аснову для атрымання вышэйшай адукацыі. Адрозніваюць агульную С.а. і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Мэта агульнай С.а. — станаўленне асобы і яе светапогляду, усведамленне ёю цэласнай карціны свету і свайго месца ў ім, уключаючы выбар жыццёвага шляху. Папярэднічае С.а. дашкольная і пач. школьная адукацыя. Агульную С.а. даюць сярэднія агульнаадукацыйныя школы, гімназіі, ліцэі, некаторыя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і прафес.-тэхн. вучылішчы. Гл. таксама Адукацыя агульная.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)